Альбом "Дорога вместе"
Случайная садюшка
Иномарка
Воздушность форм ласкает взгляд,
Плюс цвет, плюс скорость, плюс комфорт.
Названья душу бередят:
Мерседес, Лексус, Опель, Форд…

Дает уверенность тебе,
В возможность жизнь перевернуть
И, с благодарностью к судьбе,
С улыбкой, за рулем уснуть.
Ксерокс

Нам силы экономит, нам время сберегает.
Порою даже, кажется, что это волшебство.
Альбомы, книги, ноты – он мигом размножает,
Хотя, по сути, труд его – сплошное воровство.

Ванна

Купель томленья и покоя,
Царя утешит и изгоя,
Умеет нежить и взбодрить,
Умыть, укрыть и успокоить,
И незаметно утопить.

Система Orphus

ЛІЦЦЁ ЗВАНОЎ У ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ

В. В. КАВАЛІЎ,
дацэнт кафедры методыкі музычнага выхавання і дырыжыравання Беларускага дзяржаунага педагагічнага універытэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук

Выраб званоў — гэта працэс эксперыменту і творчасці. На працягу стагоддзяў званы кляпаліся, спайваліся, выкоўваліся з ліставога жалеза, выдзёўбваліся з дрэва ці камення. Вёўся пошук новых матэрыялаў і спосабаў, якія спрошчвалі цяжкі працэс вырабу зва­ноў і паляпшалі іх якасць.
Першыя спробы адліўкі званоў у Заходняй Еўропе адносяцца да VI ст. н. э., а першае падрабязнае апісанне тэхналогіі ліцця было складзена толькі на мяжы XI—XII стст. у трактаце манаха Тэафіла «Заметкі аб розных мастацтвах». Згодна з трактатам, для сплаву неабходна было ўзяць чатыры часткі медзі і адну частку волава. Гэты састаў захаваўся і да нашых дзён.
Выраб званоў знаходзіўся ў распараджэнні каталіцкай царквы. Цэнтрамі звонавага майстэрства таго часу былі манастыры ў Рэйхенау, Зальцбургу, Сен-Галене, Фульдзе.
Аднак у пачатку XIII ст. манастыры страцілі прывілеі на выраб званоў. Гэта было выклікана тым, што паступова павялічваліся памеры і вага званоў, і перавозіць іх стала цяжка. Таму званы адлівалі на месцах рамеснікі-ліцейшчыкі.
Гук павялічанага звона істотна не змяняўся, ён заставаўся адрывістым і непрыемным. Было заўважана, што афарбоўка гуку залежыць ад профілю сценак звона. Таму разам з пошукам матэрыялу для вырабу званоў пачаліся эксперыменты з іх формай.
Спачатку званы былі цыліндрычныя, бочкападобныя, чашападобныя, конусападобныя. У папярочным сячэнні яны мелі выгляд круга ці шматгранніка. У канцы XIII ст. у Еўропе складваецца класічная форма звона — гатычная, якая знешне і акустычна блізкая да сучаснага тыпу хрысціянскіх званоў. Новы спосаб ліцця і новая форма забяспечылі высокую якасць гучання, нягледзячы на павелічэнне вагі і памераў.
Упершыню гэта тэхналогія была апісана Ваночы Бірынгуча ў кнізе «Піратэхнія» (1540 г.), але і па сённяшні дзень звоналіцейшчыкі выкарыстоўваюць гэту старадаўнюю тэхналогію.

АСАБЛІВАСЦІ ЛІЦЦЯ ЗВАНОЎ.

Ліццё звона — гэта вельмі працаёмкі і складаны працэс. Асноўнымі яго этапамі з’яуляюцца: стварэнне ліцейнай формы, выраб сплаву і заліўка формы. Аптымальным спла­вам (звонавая бронза) лічыцца той, у склад якога ўваходзіць медзь з дабаўленнем 20—25% волава са шкоднымі прымесямі (цынк, свінец, жалеза) не болей чым 1%. Для больш адкрытага і звонкага гучання ў сплаў дадаюць серабро, для больш замкнёнага — сталь, больш рэзкага — золата, пяшчотнага — плаціну.
Але ж пэўнага рэцэпта звонавай бронзы не існуе. Галоўнае, каб сплаў адпавядаў двум асноўным патрабаванням: гучаў роўна і чыста, а таксама валодаў значнай трываласцю і пругкасцю.
Разам з тым у гісторыі вядомы факты, якія паказваюць, што звонавая бронза — не адзіны матэрыял для стварэння званоў, даволі часта іх выраблялі з серабра, золата, гліны, камення, шкла. Гэта было звязана ці з асобым прызначэннем званоў, ці з пошукам новых гучанняў. Іншы раз гэта тлумачылася адсутнасцю патрэбных металаў.
Важнейшай часткай звона з’яўляецца язык. Ад якасці яго вырабу, формы, правільнасці падвешвання залежаць характар гучання, а таксама даўгавечнасць звона. Язык — гэта стрыжань з патаўшчэннем у ніжняй частцы — яблыкам. Выкоўваецца ён з мяккай сталі ці жалеза, іншы раз адліваецца з чыгуну. Вага языка для невялікага звона (да 40 пудоў) складае 1/20 частку ад яго вагі, для вялікага (звыш 600 пудоў) — 1/30, для астатніх — паміж гэтых паказчыкаў. Язык выкоўваецца так, каб удар ядра (самая шырокая яго частка) прыходзіўся па ўдарным паяску (больш тоўстая частка краю звона). Ён злучаецца з правушынай, што знаходзіцца ўнутры звона, з дапамогай вельмі трывалага скуранога (маржовага) рэменя. Вы­карыстоўваюць таксама жалезныя крукі ці шарніры. Сам звон падвешваюць за вушы, іх можа быць ад 2 да 6 у залежнасці ад вагі звона.
Характэрнай асаблівасцю ліцця званоў з’яўляюцца надпісы і адлюстраванні, што іх упрыгожваюць. Надпісы паведамлялі імёны і тытулы тых, хто загадаў адліць звон, падзею, з нагоды якой ён быў створаны, дату, імя майстра, вагу і кошт. Можна сказаць, што званы з’яўляліся летапісамі.

ЛІЦЦЁ ЗВАНОЎ НА ТЭРЫТОРЫІ РАСІІ I БЕЛАРУСІ.

Археалагічныя знаходкі сведчаць, што зва­ны, якія гучалі на рускіх і беларускіх землях, былі аналагамі заходніх. Гэта гаворыць аб тым, што ў сярэдневеччы ва ўсіх хрысціянскіх краінах званы выраблялі па адзінаму стандарту.
Першыя дакументальныя звесткі аб ліцці званоў на Русі адносяцца да 1259 г., калі князь Галіцкі (1201—1264) перавёз з Кіева ў Холм абразы і частку званоў, а астатнія вырашыў адліць на месцы: «Колоколы принесе ис Киева, другие ту солье».
На Беларусі першыя ўспаміны аб званах адносяцца да XIV ст. Адзін з іх вагой 645 фунтаў быу адліты ў 1377 г. па заказу будучага караля Польшчы Ягайлы і яго маці і ахвяраваны імі царкве Св. Параскевы у Вільні. На звоне быў адліты вобраз Прасвятой Багародзіцы і напісаны імёны ахвяравацеляў.
Першым звоналіцейшчыкам, чыё імя дайшло да нашых дзён, быў свяшчэннік. На звоне, адлітым у 1341 г. для Юр’еўскай царквы ў Львове, значыцца: «Сольян бысть колокол сии... игуменом Евфимьем». Калі спачатку званы адлівалі манахі, то потым гэта справа перайшла да рамеснікаў. Першым ліцейшчыкам-рамеснікам быў майстар Барыс. Вядома, што па загаду вялікага князя маскоўскага Сімяона Іванавіча (1340—1353) ім былі адліты тры вялікія і два меншыя званы, на якіх значыўся аўтограф: «А лил мастер Бориско».
У Расіі існавала традыцыя збіраць грошы на адліўку званоў. Адну трэцюю частку грошай збіралі простыя людзі, другую — складалі ахвяраванні, трэцюю частку давалі самі храмы.
Адліўка званоў — складаны працэс, для гэтай працы патрэбны былі спецыялісты. У 1475 г. у Маскву быў запрошаны майстар з Венецыі Арыстоцель Фіяраванці. Ён дапамог заснаваць Пушачны двор, які стаў галоўнай ліцейнай базай Расіі. Тут была створана першая ў краіне школа па падрыхтоўцы ліцейшчыкаў.
Сярод тых, хто адліваў званы ў Расіі і Бела­русі, было шмат спецыялістаў з Захаду. Аб гэтым гавораць іх прозвішчы: Барыс Рымлянін, Мікалай Нямчын і г.д. Пры Іване Грозным адным з вядомых майстроў быў Кашпір Ганусаў, а ў пачатку царствавання Аляксея Міхайлавіча — Іаган Фальк.
XVI—XVII стст. — гэта перыяд найвышэйшага росквіту рускай нацыянальнай звонавай традыцыі, час стварэння моцнай індустрыі па вырабу званоў. Урад затрачваў на адліўку зва­ноў больш за адну трэцюю частку медзі, якая была ў краіне.
На працягу XVI—XVII стст. рускія ўмель­цы распрацавалі нацыянальную методыку стварэння званоў, якая практычна не змянілася і ў наш час. Гэты «рускі стыль» ліцця вызначаецца высокай ступенню складанасці і афармлення вырабу. Тэхналогія была настолькі ўдасканалена, што дазваляла ствараць званы з зададзенымі якасцямі.
Пачынаючы з XVI ст. у Расіі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці і масы зва­ноў. Гэта тлумачыцца тым, што знатныя асобы, па заказу якіх адлівалі звон, лічылі — у каго звон большы і гучнейшы, таго малітва будзе першай пачута Богам.
Дух саперніцтва асабліва быў уласцівы рускім гасударам. Пачаткам адліку крамлёўскіх рэкордаў стаў звон «Лебедзь», які быў зроблены ў 1503 г. па загаду Івана III і важыў каля 450 пудоў (майстар Пётр Фразін); наступны, які быў адліты ў 1533 г. пры Васіліі III, важыў ужо 1000 пудоў (майстар Мікалай Фразін). У 1550 г. пры Іване Грозным адліваюць звон ва­гой у 2200 пудоў (майстар Кашпір Ганусаў), а ў 1600 г. пры Барысе Гадунове даводзяць яго ва­гу да 2450 пудоў (майстар Барыс Чохаў). Лічыцца, што менавіта з гэтага звона пачалася традыцыя называць усе наступныя Цар-званамі.
Толькі паўстагоддзя пратрымаўся рэкорд Барыса Гадунова. У 1654 г. па загаду Аляксея Міхайлавіча майстар Емяльян Данілаў адлівае звон вагой 8000 пудоў. Але гучаў ён некалькі месяцаў — у гэтым жа годзе быў разбіты. За пераплаўку ўзяўся Аляксандр Грыгор’еў і праз 10 месяцаў бліскуча завяршыў гэту справу.
Гук гэтага гіганта перакрываў гучанне ўсіх разам узятых званоў Масквы, ён важыў каля 12000 пудоў, акружнасць яго дасягала 19 м, таўшчыня — 60 см, язык важыў 250 пудоў. Раскалыхаць звон маглі 50 чалавек (па іншых даных — 100). Спатрэбілася 13 гадоў, пакуль звон быў падняты з ліцейнай ямы і падвешаны. З нагоды гэтай падзеі сучаснік пісаў з захапленнем, што «нічога падобнага на гэту рэдкасць, вялікую, унікальную, адзіную ў свеце, не было і не будзе, яна пераўзыходзіць сілы чалавечыя».
У 1701 г. у час вялікага маскоўскага пажару звон-волат быў разбіты. Толькі праз 30 гадоў у 1730 г. па загаду імператрыцы Ганны Іаанаўны пачалася падрыхтоука да яго пераплаўкі з папаўненнем. 25 лістапада 1735 г. цуда-звон быў адліты Міхаілам Маторыным. Гэта быў унікальны твор мастацтва, вяршыня звонавага ліцця. Ён важыў 12327 пудоў 33 фунты (201 т 924 кг), вышыня яго складала 6 м 14 см, а дыяметр 6 м 60 см.
Два гады пасля адліўкі працягвалася стварэнне ўпрыгожванняў, надпісаў, рэльефаў. Та­кой раскошы звонавае ліццё яшчэ не ведала. На паверхні звона ва ўвесь рост у каранацыйным адзенні адлюстраваны імператрыца Ганна Іаанаўна і цар Аляксей Міхайлавіч. Дэкор упрыгожвалі фігуры анёлаў, вобразы святых.
Але ж тэты цуд так і не быў узняты і яго гук ніхто ніколі не чуў. У 1737 г. у Маскве зноў адбыўся пажар. Каб звон не расплавіўся, народ пачаў заліваць яго вадой. Нагрэты метал трэснуў, і ад звона адкалоўся кавалак вагой 11,5 т. Больш за 100 гадоў Цар-звон заставаўся ў яме. I толькі у 1836 г. ён быў падняты і ўстаноўлены на гранітны п’едэстал. Сёння гэта самы цяжкі звон з усіх, якія калі-небудзь адлівалі ў свеце.
Самым жа вялікім звонам Расіі і ўсёй Еўропы, які дзейнічае, лічыцца «Сысой» Растоўскай званніцы. Ён быў задуманы мітрапалітам Растоўскім і Яраслаўскім і названы ў гонар яго бацькі. Вага звона 2000 пудоў, вага языка 75 пудоу, дыяметр 3 м 59 см, адліты ў 1688 г. вядомым майстрам Флорам Цярэнцьевым.
У XVII ст. у Расіі з’яўляецца плеяда таленавітых рускіх звоналіцейшчыкаў:
— Андрэй Чохаў, чый звон «Рэут» упрыгожвае званіцу Царквы Нараджэння Хрыстова ў Маскоўскім Крамлі (1622 г., 1200 пудоў). Ён жа стваральнік Цар-пушкі;
— Аляксандр Грыгор’еў, стваральнік вялікага звона Савіна-Старажоўскага манастыра, які лічыцца самым мілагучным у Расіі (1668 г., 2125 пудоў);
— Харытон Папоў, які адліў Вялікі звон Сіманава манастыра ў Маскве. Ён вызначаецца асаблівым гучаннем (1677 г., 10000 пудоў);
— Флор Цярэнцьеў, стваральнік «Сысоя», які належыць званніцы Успенскага сабора ў Растове Вялікім, самага вялікага з еўрапейскіх званоў, што дзейнічаюць у нашы дні;
— Андрэевы Міхаіл, Ануфрый, Максім, Матвей, Кузьма — славутая пскоўская дынастыя XVI ст.;
—  Маторыны Дзмітрый, Фёдар, Іван, Міхаіл — вядомая дынастыя маскоўскіх звоналіцейшчыкаў канца XVII — пачатку XVIII ст., якія выплаўлялі званы вялікіх для свайго часу памераў.
У 1686 г. у Маскве быў створаны першы звоналіцейны завод Ф. Дз. Маторына. У XIX — пачатку XX ст. такія заводы з’яўляюцца на Валдаі, у Яраслаўлі, Слабадзе, Гатчыне, Санкт-Пецярбургу.
На тэрыторыі Беларусі звонавыя заводы былі ў Нясвіжы, Вільні, Магілёве, Мінску.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. звоналіцейная вытворчасць была спынена. На Валдаі некаторы час яшчэ дзейнічаў завод братоў Усачовых. Але адліваў ён ужо не царкоўныя, а толькі пажарныя, станцыйныя, тэатральныя званы і сігнальныя званочкі. У 1927 г. завод быў закрыты. 3 часам гэта галіна была загублена. Да нашых дзён не дажыў ні адзін са старых звоналіцейшчыкаў. Усе сакрэты і тэхналагічныя тонкасці, якія перадаваліся ад майстра да майстра, былі страчаны. Толькі ў канцы 80-х гадоу XX ст. з адраджэннем царквы пачынаецца і адраджэнне звоналіцейнай вытворчасці. У 1988 г. у Варонежы ствараецца першае прадпрыемства па вырабу званоў. У 1991 г. у Маскве адбыўся I Усесаюзны кірмаш званоў.
У Беларусі за ліццё званоў узялася фірма «Адменнае ліццё». Першы сучасны беларускі звон вагой 25 кг быў адліты ў кастрычніку 1996 г. для Свята-Мікалаеўскай царквы, што знаходзщца ў Івянцы. На сённяшні дзень гэта фірма ўваходзіць у першую дзесятку такіх жа прадпрыемстваў на тэрыторыі СНД.

АКУСТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ЗВАНОЎ.

Звон уяўляе сабой унікальны гукавы і акустычны феномен. Гук звона адрозніваецца ад гуку любога музычнага інструмента ці чалавечага голасу. Званы маюць асобы акустычны спектр гуку.
Даследаванні акустычных асаблівасцей паказваюць, што кожны звон мае толькі яму уласцівы гукавы склад абертонаў і частковых прыгукаў. Гэтыя абертоны адцяняюць галоўны тон, яны залежаць ад формы, вагі, таўшчыні сценак, якасці адліўкі, характеру паверхні, якасці металу.
Асноўны тон звона і тон, які ўспрымаецца ад удару, не аднолькавыя. Акрамя асноўнага тону, які бывае даволі слабым, гучыць адзін з частковых, што пераважае над астатнімі. Гэты тон і вызначае тую вышыню гуку, якую мы чу­ем. Тэмбр гуку звона пасля ўдару не застаецца нязменным. У момант удару пераважае пяты частковы тон. Праз тры секунды самым моцным становіцца трэці частковы тон. Пяты і ўсе наступныя частковыя тоны затухаюць.
Акустычнай асаблівасцю з’яўляецца і тое, што ў час гучання ў званах узнікае эфект біення і адбываюцца перыядычныя змены тэмбру. Працэс успрымання ўскладняецца і дысанансамі, што ўзнікаюць між частковымі тонамі. Акрамя таго, заўважана, што вялікія званы здольныя выдаваць інфрагукі, якія знаходзяцца за межамі дыяпазону, які ўспрымаецца. Яны не толькі аказваюць моцнае ўздзеянне на чалавека, але могуць стаць і небяспечнымі для жывога арганізма.
Існуе адрозненне паміж гучаннем і настройваннем рускіх і заходнееўрапейскіх званоў. Гук заходніх званоў больш дакладны, чысты. У ім пераважае асноўны тон. Заходнія званы выкарыстоўваюцца для выканання музычных твораў, якія маюць так званы храматычны гукарад.
З IX ст. на Захадзе пачалі адліваць званы, гук якіх адпавядаў зададзенай вышыні. Выраблялі наборы званоў (7—8 штук і болей), якія ўтваралі пэўны гукарад. Яны размяшчаліся не­далёка ад хору і аргана ў спецыяльнай раме, гучалі ад стрэсвання рамы ці ад удару малатка. Гэтыя званы служылі ў якасщ камертона, які настройваў хор, а іншы раз і як акампанемент. У аснову настройкі званоў быў пакладзены храматычны гукарад.
У 70-я гг. XIX ст. у Расіі таксама рабіліся спробы настройваць званы па камертону, на аснове храматычнага гукарада. Да гэтага часу адносіцца вынаходніцтва акустычнага прыбора (А. А. Ізраілеў), які дазваляў вызначаць пэўны лік хістанняў звона, што гучыць. Гэта дало магчымасць настройваць звон на пэўны тон. Настроеныя храматычна чыста званы ператвараліся ў інструмент, які быў блізкі да курантаў. Аднак гэта ідэя не атрымала распаўсюджвання.
Калі ў дамангольскі перыяд звонавая справа на Русі і на Захадзе складвалася па адных і тых жа прынцыпах, то ў далейшым звонавая музы­ка пайшла рознымі шляхамі. У гучанні рускіх званоў няма строгіх інтэрвальных адпаведнасцей, агульнапрынятых паняццяў дыятонікі і храматыкі, на першы план выходзіць ігра тэмбрамі і рытмамі, якая абапіраецца на стройнае гукаспалучэнне званоў, іх гарманічную зладжанасць.
Чалавекам, які змог пачуць усе багацце звонавых абертонаў, стаў вядомы ў 20—30-я гг. XX ст. маскоўскі званар, член Маскоўскага таварыства драматычных пісьменнікаў і кампазітараў Канстанцін Канстанцінавіч Сараджаў. Ён валодаў унікальнай якасцю — гіперэстэзіяй слыху. У кожнай ноце ён адрознівау 243 гучанні (г. зн. центральная нота і ад яе ў абодва бакі па 121 бемолю і 121 дыезу). Такім чынам, у актаве Сараджау чуў не 12 гукаў, як чалавек са звычайным слыхам, а 1701 гук. Многія не верылі ў яго здольнасці, але даследаванні з дапамогай прыбораў падцвердзілі гэта.
Пра акустычны феномен звона Сараджаў пісаў: «Нашу звычайную музыку мы ўзнаўляем па нотах, на якіх яна наогул заснавана. Звон жа — гэта зусім іншае. Тэорыя ўсей яго музыкі, усе да адзінага правілы яе не маюць нічога агульнага з тэорыяй і з правіламі звычайнай музыкі. У звонавай музыцы ўсе заснавана на звонавых атмасферах, якія ўсе індывідуальныя. У тэорыі звонавай музыкі не існуе таго, што называем мы нотай; тут ноты — ня­ма. Звон мае на сваім фоне індывідуальны гукавы малюнак — спляценне гукавых атмасфер...».
Акрамя таго, Сараджаў адзначаў, што канчатковы гукавы эфект, які атрымліваецца пры ігры на званах, залежыць ад колькасці, сілы і месца ўдару. Дзякуючы майстэрству званара, можна дасягнуць не толькі мяккага, гарманічнага гучання шматлікіх званоў, але і стварыць адчуванне схаванага ў ім выразнага зместу, які заключаны нават у фізічных хістаннях паветра.